Абрадны ручнік Бельскай Зямлі


Абрадны ручнік - адзін з важнейшых паказчыкаў культуры і традыцыі жыхароў гміны Бельск Падляшскі.

Са сваімі непаўторнымі ўпрыгожваннямі ён з’яўляецца рэліктам, які сведчыць пра багацце нашага рэгіёна, гаворыць пра звычаі і традыцыі мясцовых жыхароў. Яшчэ ў саракавыя, пяцідзесятыя і шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя маладыя дзяўчаты вышывалі сабе ў пасаг па некалькі ручнікоў. Адрэз саматканага або фабрычнага палатна (найчасцей трохметровай даўжыні) аздаблялі вышыўкай крыжыкам або гладдзю. На канцы ручніка прышывалі ажуровыя карункі з кветкавым або геаметрычным арнаментам. Такі ручнік пераказвалі з пакалення ў пакаленне. Ён быў неадрыўным элементам сямейнай і гадавой абраднасці жыхароў гміны. Суправаджаў чалавека на яго жыццёвым шляху – ручнік быў падарункам у момант хрысцін нованароджанага дзіцяці, прысутнічаў на шлюбе і вяселлі, ім аздаблялі святыя абразы – іконы, клалі яго і ў труну з нябожчыкам. Ручнікі былі на прыдарожных і могілкавых крыжах. Каб захаваць ручнікі і традыцыю, якую яны нясуць у сабе, Мясцовы Фонд дзеля грамадскага развіцця распачаў працу па ахове абрадных ручнікоў на тэрыторыі гміны Бельск Падляшскі. Падчас даследванняў ствараем фотадакументацыю ручнікоў, вышывак, карунак, а таксама збіраем інфармацыю пра выканаўцаў і час стварэння кожнага ручніка. Сабраная інфармацыя стала матэрыялам для стварэння базы дадзеных народных ручнікоў у гміне Бельск Падляшскі, даступнай на гэтай Інтэрнэт-старонцы.

© Jerzy Sołub 2011r.